ПРЫСЯ́ГА ВАЕ́ННАЯ,

урачыстае абяцанне (клятва), якое дае кожны вайсковец (грамадзянін) у час уступлення ў рады ўзбр. сіл; прыняцце П.в. важны прававы акт. Змест П.в. і рытуалы яе прыняцця адлюстроўваюць гіст. і нац. традыцыі народа, дзяржавы і арміі. П.в. воіна Узбр. Сіл Беларусі адпавядае патрабаванням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законам і ваен. статутам, вызначае абавязкі па абароне Айчыны. Яе тэкст зацверджаны ў 1992, палажэнне аб парадку прыняцця — у 1997. Кожны вайсковец, які прымае П.в., замацоўвае гэты акт уласнаручным подпісам (з аб’яўленнем мабілізацыі прысягаюць усе ваеннаабавязаныя, якія не прымалі прысягу ў мірны час). П.в. прымаюць пры Дзярж. сцягу Рэспублікі Беларусь і Баявым сцягу часці на тэр. вайск. часцей, ці ў месцах баявой і працоўнай славы. Дзень прыняцця П.в. абвяшчаецца для ўсяго асабовага складу часці святочным.

т. 13, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)